ГРО́ДЗЕНСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў,

Таварыства ўрачоў Гродзенскай губерні. Засн. ў 1869 у Гродне. Адно з першых у Рас. імперыі. Мела на мэце сан. вывучэнне губерні, складанне яе медыка-тапагр. і сан. карты, барацьбу з эпідэміямі, арганізацыю мед. дапамогі сельскаму насельніцтву, вывучэнне краявой паталогіі, сан. асвету насельніцтва і інш.; давала рэкамендацыі па пытаннях сан. добраўпарадкавання, рэгістрацыі інфекц. захворванняў і смяротнасці. Старшынямі т-ва ў розны час былі А.Ф.Рэйнпольскі, М.Д.Беклямішаў. Выдала 2 зборнікі пратаколаў за 1890/91 і 1895/96. У 1913 спыніла існаванне. Аднавіла работу пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР. З 1954 дзейнічаюць абл. спецыялізаваныя мед. навук. т-вы.

А.П.Малчанаў.

т. 5, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)